Главная  >  65 годовщина Победы советского народа в Великой Отечественной войне  >  З гісторыі вызвалення Случчыны
З гісторыі вызвалення Случчыны
Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося ў верасні-кастрычніку 1943 г. У выніку асенне-зімовага (1943-1944 гг.) наступлення савецкіх войскаў поўнасцю ці часткова былі вызвалены 36 раёнаў рэспублікі і 2 абласныя цэнтры – Гомель і Мазыр. Случчына чакала сваіх вызваліцеляў да лета 1944 г., калі пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай «Баграціён» — адна з буйнейшых стратэгічных аперацый Чырвонай арміі ў Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе яе паспяховага ажыццяўлення была разгромлена адна з мацнейшых нямецкіх груповак – група армій «Цэнтр» і поўнасцю вызвалена ўся тэрыторыя Беларусі.

Праваму крылу 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) была пастаўлена задача – ударамі з раёна Рагачова ў напрамку Бабруйск-Асіповічы сіламі 3-й і 48-й армій (камандуючыя генерал-лейтэнанты А.В. Гарбатаў і П.Л. Раманенка) і з раёна на поўдзень ад Парычаў у напрамку Старыя Дарогі - Слуцк сіламі 65-й, 28-й армій (камандуючыя генерал-лейтэнанты П.І. Батаў, А.А. Лучынскі), конна-механізаванай групы (камандуючы генерал-лейтэнант І.А.Пліеў) пры падтрымцы авіяцыі 16-й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі С.І. Рудэнка), Дняпроўскай ваеннай флатыліі (камандуючы капітан 1-га ранга В.В. Грыгор'еў), злучэнняў авіяцыі далёкага дзеяння акружыць і разграміць бабруйскую групоўку ворага; развіць наступленне праз Асіповічы - Пухавічы на Мінск і праз Слуцк на Баранавічы.

Савецкім войскам у напрамку процістаялі 9-я нямецкая армія (10 пяхотных дывізій)   і дзве дывізіі 4-й нямецкай арміі.

У ходзе Бабруйскай аперацыі былі разбіты галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі, ліквідавана бабруйская групоўка ворага (знішчана каля 50 тыс., узята ў палон 23 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіта і захоплена 366 танкаў, больш за 5 тыс. гармат і мінамётаў, каля 16 тыс. аўтамашын і інш.), стварыліся спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і праз Слуцк на Баранавічы.

У слуцкім напрамку ў авангарде наступлення ішла конна-механізаваная група І.А. Пліева. Яе перадавыя часці 26 чэрвеня выйшлі да р. Пціч каля Глуска і фарсіравалі яе. Адначасова войскі 28-й арміі генерал-лейтэнанта А.А. Лучынскага, таксама фарсіраваўшы р. Пціч, авалодалі мястэчкам Глуск. 27 чэрвеня 10-я гвардзейская Кубанская кавалерыйкая дывізія перарэзала дарогу Бабруйск-Слуцк, а 35-я мотастралковая брыгада заняла Глушу. 28 чэрвеня злучэнні конна-механізаванай групы авалодалі раённым цэнтрам Старыя Дарогі. Уначы з 28 на 29 чэрвеня 1944 г. яны выйшлі на р. Арэса, фарсіравалі яе і 29 чэрвеня выбілі праціўніка са знешніх рубяжоў на подступах да Слуцка. А перадавыя атрады падышлі да ўскраіны горада з поўначы, усходу і паўднёвага ўсходу.

Перадавы атрад 9-й гвардзейскай Кубанскай кавалерыйскай дывізіі генерал-маёра І.В.Тутарынава (які ў чэрвені 1941 г. абараняў Слуцк) — 32-і кавалерыйскі полк — да 9 гадзін раніцы 29 чэрвеня падышоў да Слуцка і завязаў бой на подступах да горада. Камандзір дывізіі паслаў яму на дапамогу 151-ы танкавы полк. Гэта дало магчымасць ужо да 10 гадзін раніцы ўварвацца ў горад. Аднак развіць поспех у гэты дзень не давялося.

У 14 гадзін 29 чэрвеня войскі конна-механізаванай групы закончылі пераправу праз Арэсу і фарсіраваным маршам наблізіліся да Слуцка. Усе масты на шашы Бабруйск-Слуцк былі ўзарваны, і таму 10-я гвардзейская Кубанская кавалерыйская дывізія павярнула ўправа і рухалася на поўнач ад шашы праз Рыжыцу і Амговічы. Да паўночнай ускраіны Слуцка падышоў 40-ы гвардзейскі Кубанскі кавалерыйскі полк – перадавы атрад 10-й гвардзейскай Кубанскай кавалерыйскай дывізіі, і з ходу атакаваў праціўніка, 30-я кавалерыйская дывізія генерал-маёра В.С. Галаўскога некаторы час ішла ў другім эшалоне за 10-й дывізіяй.

Вялікую дапамогу сухапутпым войскам у іх наступленні на Слуцк і прыкрыцці з паветра ад варожай авіяцыі аказалі лётчыкі 2-й гвардзейскай штурмавой, 229-й штурмавой і 283-й знішчальнай авіяцыйных дывізій.

Усю ноч на 30 чэрвеня гітлераўцы вялі інтэнсіўны артылерыйскі і кулямётна-мінамётны агонь. На працягу ночы нашы войскі вельмі блізка падышлі да горада, а часці 10-й гвардзейскай кавалерыйскай і 30-й кавалерыйскай дывізій захаплі на поўнач ад горада вёскі Ушаловічы, Малоткава, Лучнікі і Васілінкі. Раніцай 30 чэр¬веня да ўсходняй ускраіны Слуцка падышлі перадавыя часці 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі.

На світанні 30 чэрвеня па пазіцыях ворага ў Слуцку быў нанесены кароткі, але магутны артылерыйскі ўдар. Пасля гэтага з паўночнага захаду, поўначы і паўднёвага ўсходу часці ўсіх трох дывізій 4-га гвардзейскага Кубанскага казачага кавалерыйскага корпуса, а з усходу часці 219-й танкавай брыгады і мотапяхоты, а таксама 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі атакавалі варожы гарнізон у Слуцку. Пераадольваючы супраціўленне ворага, кавалерыйскія, мотастралковыя і танкавыя часці ўварваліся ў горад. Пачаліся вулічныя баі.

У 7 гадзін раніцы 2, 3, 4 і 5-я батарэі 439-га знішчальна-процітанкавага палка атрымалі загад падтрымаць 127-ы кавалерыйскі полк у раёне в. Лучнікі на шашы Слуцк-Сіняўка, заняць яе, каб не даць ворагу адысці на Баранавічы.

Улічваючы важнасць абароны Слуцка для мінскай групоўкі сваіх войскаў, нямецкае камандаванне сцягнула сюды вялікую колькасць танкаў, артылерыі авіяцыі. Танкі былі размешчаны ва ўкрыццях і на вуліцах. Шмат якія дамы былі ператвораны ў агнявыя кропкі. Палкі нямецкай пяхоты пры падтрымцы артылерыі і танкаў контратакавалі 9-ю кавалерыйскую дывізію і пацяснілі яе. Кавалерыстам на дапамогу прыйшоў артполк 15-й стралковай дывізіі. Разам з кавалерыстамі вяла баі 1-я асобная знішчальна-процітанкавая артылерыйская брыгада пад камандаваннем гвардыі палкоўніка І.М. Вахрамеева. Яна адбіла некалькі контратак ворага і падтрымала часці конна-механізаванай групы.

Упартыя баі праходзілі на паўночнай ускраіне горада. Ворага прыходзілася выбіваць з кожнага дома. У гэты час з поўдня ў Слуцк уступілі часці 3-га гвардзейскага корпуса 28-й арміі. Пасля гэтага гітлераўцы, не вытрымаўшы штурму, невялікімі групамі і падраздзяленнямі пачалі з баямі адыходзіць з горада, пакідаючы на сваім шляху вялікую колькасць забітых, параненых і разбітай тэхнікі. Днём камандаванне конна-механізаванай гру¬пы даклала ў штаб фронту, што 30 чэрвеня ў 11.30 Слуцк вызвалены.

У зводцы Саўінфармбюро за 1 ліпеня 1944 г. паведамлялася: «Савецкія войскі ўзламалі абарону непрыяцеля, якая праходзіла па р. Случ, і на плячах адступаючых немцаў уварваліся ў г. Слуцк. Варожы гарнізон адчаянна супраціўляўся, але быў разбіты. Нашы часці, якія авалодалі г. Слуцкам, працягваюць праследаваць ворага на захад. Захоплены трафеі і палонныя».

Але баі яшчэ працягваліся на заходняй ускраіне горада. Праз некалькі гадзін немцы былі выбіты і адтуль. У час адступлення нямецкія факельшчыкі падпальвалі дамы, яны ўзарвалі некалькі прамысловых прадпрыемстваў, 5-ю школу, педвучылішча, пошту, кінатэатр на Садовай вуліцы і іншыя будынкі. Толькі імклівае наступленне нашых войскаў перашкодзіла немцам цалкам знішчыць Слуцк.

Многія населеныя пункты раёна былі вызвалены партызанамі. Толькі ў вулічных баях за Слуцк было знішчана 13 нямецкіх танкаў, 2 артбатарэі, 4 мінамётныя батарэі 12 аўтамашын, 2 бронетранспарцёры, 2 склады з боепрыпасамі, 3 дзоты, знішчана каля 700 салдат 700 афіцэраў праціўніка, захопле¬ны палонныя і трафеі.

© Слуцкий районный исполнительный комитет, 2008
Разработка БЕЛТА
Поддержка УП «Минская волна»
Rating All.BY